ТА́ЙНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ пры Сенаце,
цэнтральная следчая і суд. па паліт. справах дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1762—1801. Створана Кацярынай II пры 1-м дэпартаменце Сената замест скасаванай у лют. 1762 Канцылярыі тайных і вышуковых спраў (Тайнай канцылярыі). Знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасці Пецярбурга, мела кантору ў Маскве (на Лубянцы). Т.э. афіцыйна ўзначальваў ген.-пракурор Сената, яго памочнікам і фактычным кіраўніком спраў быў обер-сакратар (у 1762—93 вядомы сваёй жорсткасцю С.І.Шашкоўскі). Т.э. праводзіла следствы і суды па важных паліт. справах для разгляду найб. значных з іх (спроба падпаручніка В.Я.Міровіча вызваліць са зняволення б. імператара Івана VI у 1764, маскоўскі бунт 1771, справы Е.І.Пугачова, А.М.Радзішчава, І.Касцюшкі і інш.). Пры Т.э. ствараліся часовыя следчыя камісіі. Следства часта суправаджалася катаваннямі. Т.э. скасавана Аляксандрам I 14.4.1801.
Літ.:
Рууд Ч. Степанов С.Фонтанка, 16: Политич. сыск при царях. М., 1993.
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)